Вітаем Вас на сайце народнага паэта Беларусі Пятруся Ўстінавіча Броўкі.
Пятрусь Броўка - паэтычны летапісец народнага жыцця, таленавіты паэт, творчая індывідуальнасць якога складвалася пад уплывам паслякастрычніцкага часу. Ён — сын складанай эпохі, што ўвабрала ў сябе стваральныя і разбуральныя пачаткі, вучыла верыць у нерэальнае, утапічнае, а затым — расчароўвацца ў ім. Гэта была эпоха, калі ад народа замоўчвалася злачыннасць улады, калі чалавека спрабавалі ператварыць у паслухмяны вінцік дзяржавы. Але разам з тым Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла дзверы ў свет інтэлекту і мастацтва дзецям вёскі, сфарміравала іх аблічча, настроіла на высокую хвалю эмацыянальнага захаплення новым жыцём. П. Броўка, спасцігаючы скрутны час, памыляўся і сам, не страчваючы веры ў лепшае, у канчатковую справядлівасць і гуманізм.
Сябры, для Вас мы сабралі на гэтым сайце вершы Пятруся Броўкі, біяграфічныя звесткі, а таксама рэцэнзіі на творы паэта.
Сайт створаны ў межах Нацыянальнага Паэтычнага Парталу.
Не маю я сіл захаплення стрываць!
Цудоўны малюнак —
Суровы Ківач.
З гранітных адхонаў
Імкліва на дол
Злятае,
Як быццам з-пад неба сакол.
Нялёгка дарогу яму адшукаць,
I ломяцца крыллі,
I пер'і звіняць...
Ён б'ецца між скалаў
З відна
Да відна;
Над ім нахілілася моўчкі сасна,
Як быццам ёй хочацца
Вынайсці лад —
Аб чым тут гамоніць,
Гудзіць вадаспад?..
Вам скажу, падружкі, штосьці,
Без падману, без прыкрас —
Прыязджаў марак у госці
На пабыўку ў свой калгас.
Хлопец просты, каб вы зналі,
I зусім не велікан.
А за ім, як мне казалі, —
Цэлы Ціхі акіян.
Паглядзела я — нясмелы,
Не падобна, што герой!
А як раз з ім пасядзела,
Дык не знаю, што са мной?..
Невясёлы, нават хмуры,
Не адзначаны нічым.
А паехаў, кінуў буру,
Буру ў сэрцы у маім.
Аднаго цяпер хачу я,
Ды не знаю, як прасіць,
Хай прыедзе і ўратуе,
З ім хачу я плыць і плыць!
А я любіў за ўсё найболей
Пагутарыць ва ўсе гады.
Маўчаць не буду я ніколі,
Хоць вусны змоўкнуць назаўжды.
I хоць жа глыбамі цяжкімі
Зямля накрые з галавой,
Я буду гаварыць з усімі
Травінкай кожнай нада мной.
Я буду славіць вас, жывыя,
Заўсёды рады вас пачуць.
I веру: кроплі дажджавыя
Адказ мне ў сэрцы прынясуць.
Калі мільёны паміралі,
Каб засталося больш жывых,
Твае лісты мяне шукалі
Па многіх поштах палявых.
Плылі пялёсткамі малымі
Па-над абшарамі вайны,
А па дарозе перад імі
Гулі з агнямі перуны.
Былі ў лістах надзея, слёзы
I вера, што бяда міне.
I, абмінуўшы ўсе пагрозы,
Лісты знаходзілі мяне.
Яны ў вачах маіх кружылі,
Ці то спачынак быў, ці бой,
I, быццам птушкі белым крыллем,
Наперад клікалі з сабой.
Ляці ж увысь,
Шырэй узмахі,
Каб зорку ўласную знайсці.
Пускайся ўброд,
Не ведай страху,
Бо шмат нязнанага ў жыцці.
Віхор, віры
Спрабуй адолець,
Які б твой шлях
Ні быў цяжкі...
Плыві, ўзлятай,
Не бойся болю,
З часамі сыдуць сінякі.
Сонца грэе, прыпякае,
Будзіць глебу.
Цёплы вецер б'е крыламі, —
Будзем з хлебам.
Жаўры зранку, ад світання,
Звоняць з высі.
Трактары, што чоўны ў моры,
Разбрыліся.
На паўмілі, можа, болей,
Круг займаюць,
Каб такім жа восень стрэціць
Караваем.
Вечна я ўдзячны жытняму хлебу,
Чыстай вадзе з невялічкай крыніцы,
Лесу зялёнаму,
Сіняму небу,
Светлай рачулцы, што ў полі бруіцца,
Гулу кварталаў у сонца затканым,
Дзе я з гадамі ў жыцці гартаваўся,
Плошчам і вуліцам
Тым несціханым,
Дзе я з сябрамі здружыўся, пазнаўся,
Людзям з адкрытай і шчырай душою,
З кім давялося ў жыцці мне сустрэцца,
Краю,
Што роднай завём мы зямлёю,
Што Беларуссю так люба завецца!
Да сцен Будапешта
З Дунайскіх палян
Савецкі, адважны
Ідзе капітан.
Ідзе ён, прайшоўшы
Праз боек віхор,
Таварыш Астапенка, —
Парламенцёр.
Да сцен Будапешта
Выходзіць герой,
Сцяг міру ўздымаючы
Над галавой.
I помніць удзячны
Венгерскі народ —
Той сцяг ён трымае
Каторы ўжо год.
Хай куля герою
Праз грудзі прайшла,
Жыве ён, бо ў сэрцы
Багата святла.
Ён волю з радзімы,
Дзе ўзняўся і ўзрос,
Нясе і сягоння,
Як некалі нёс.
Прад ім чырванее
Зарой небакрай,
Шуміць і гамоніць,
Спявае Дунай.
Усюды камень. I не выйсці.
I неба запалоніў ён.
Жылі індзейцы тут калісьці,
Кастрамі іх палаў Гудзон.
I вось эпоха ўжо другая,
Няма гаспадароў былых,
Другія тут агні палаюць,
Другія скачуць каля іх.
Далёка рэзервацый плачы,
Індзейцаў след астыў даўно.
Адно, дзе іх я толькі бачу,
Дык то ў музеі ці ў кіно.
Калі казаў табе: «Люблю»,
Мяне ты коса змерала.
Што хочаш ты, дык я зраблю,
Каб толькі ты паверыла.
Я кветкі рад штодня насіць
I просьбы чуць няспынныя,
Ды аднаго ты не прасі —
Цябе кахаць не кіну я...
На ўзгорку
Побліз ціхае ракі
Мы пасадзілі стройныя таполі,
Каб срэбрам лісця праслаўлялі волю
Пад сінім небам нашым праз вякі.
Раўнюткімі радамі
Па краях
Мы пасадзілі белыя бярозы,
Няхай шумяць,
Што больш ніколі слёзы
Не заблішчаць у матак на вачах.
А на дарожкі,
На алеі скрозь
Прыйшлі яліны, яблыні і клёны,
Няхай пад іхнім
Гоманам зялёным
Спявае сёння наша маладосць!