Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Аб сумленні

Сярэдняя: 4 (5 галасоў)

На жаль, яшчэ існуюць людзі,
Што праўды ў іх шукаць дарма.
Крычаць: «Сумленне!..» Б’юць у грудзі.
А паглядзіш, яго няма.

Другі гатовы ўдзень і ўночы
Клясціся ў гэтым, так ён звык.
Не вер такому, што балбоча
Скрозь аб сумленні, як індык.

Жыццё — складанае. Бывае,
Што і памылішся не раз —
I на крыніцу ападае
Смуга, пароша ў нейкі час.

Не трэба ж рассыпацца лісцем,
Што ты заўсёды шчырым быў,
Бо, можа быць, і ты калісьці
Хоць раз душою пакрывіў.

Але з таго шукаў збавення,
Якое выйсце, як жа быць.
I так гняло цябе сумленне,
Што не хацелася і жыць.

Аб праўдзе не крычы бясконца
I выхваленне прэч адкінь,
А будзь такім... ну, як пад сонцам
Празрыстая нябёсаў сінь.

I ведай — час пакуты здыме,
I пасвятлее воблік твой.
Калі сумленны прад другімі,
Тады сумленны прад сабой.