Ёсць шмат сабою закаханых,
З іх не адзін навечна знік.
Заўсёды май сяброў адданых,
Калі ўздымаешся на пік.
Дастанеш галавою неба,
Але сяброў там не знайсці.
А вось сябры, як будзе трэба,
Табе пасобяць і сысці.
З нас кожны памыляцца можа,
На сэрцы горыч ды імжа.
Здаваўся сябра мне прыгожым
I гэткім чыстым, як сляза.
Калі ж пазнаў бліжэй, без меры
Узбунтаваўся розум мой, —
Увесь ён з бруду і кар’еры
За прыгажосцю паказной.
Я вельмі рады развітанню,
Але цяжар яшчэ нашу, —
Хаджу атручаны дазвання,
Бы нехта плюнуў у душу.
Таварышу я ўсё аддам,
Лепш дружба, чымся сварка,
Усё, як кажуць, напалам —
Кашуля,
хлеб
і скварка.
Сябра не кіну анідзе,
Гатоў, бяда здарыся,
Пуд солі з’есці у бядзе,
Што па лязу прайсціся.
Магу за дружбу пасці сам.
Чаго ж не даклярую —
Кахання к любай не аддам
I здрады не дарую!
Зноў сэрца з сябрамі гаворыць,
Зноў думак абуджаны рой —
Успомніў я многа прастораў
У доўгай дарозе сваёй.
Згадаў я гуральскія хаты
I ў горах грузінскіх ручай,
Крутлявыя сцежкі Карпатаў,
Між Будай і Пештам Дунай.
I Кіеў, і ўзгор'і Тбілісі,
I стэп, што вачам не абняць,
I як маякі — кіпарысы,
Што з Ялты на мора глядзяць.
Здаецца, што дзесьці ёсць камень