Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Адыход у партызаны

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Сасновы бор — прасторны дом,
Жыві, дзе сэрцу люба,
На пні, над ціхім ручаём
Сядзіць Андрэй Кашуба.

Бяжыць задумліва ў трысці
Дарожка вадзяная...
— Ну што ж, куды цяпер ісці? —
Ён сам сябе пытае.

Хадзі хоць з ранку да начы
Па выспах ды гушчарах —
Кругом, хоць плач, хоць закрычы,
Балоты ды імшары.

Ды каб жа хоць душа адна
Натрапіла дзе ў горы.
Звініць сасонка, як струна,
Ды з ёй не пагаворыш.

Каму сказаць, што ледзь жывы,
Што ногі адубелі,
Што трэці дзень як мох сівы
Яму замест пасцелі.

Прасі ратунку, хоць загінь,
Нідзе не чуць нікога...
Непадалёку Мурагі, і
Няма ж туды дарогі.

Снуюць паміж пакутных хат
Чужыя там размовы,
Там ходзіць п'яны камендант
Па вуліцах вішнёвых.

Ўсё чарнее і дрыжыць,
Куды ён зрок ні кіне,—
Ён носіць чорныя крыжы,
Каваныя ў Берліне.

Ідзе, сланяецца кулём,
Нібы напхнуты ватай,
Над ім аколыш з груганом
Пад неба аж узняты.

Сядзяць салдаты па садах
Пад жасміновым цветам...
Андрэю цяжка у грудзях,
Калі прыпомніць гэта.

У Мурагах зялёны клён
Шуміць пры новай хаце,
У Мурагах пакінуў ён
Сваю старую маці.

У Мурагах цвіла зара
Рабінаю над ганкам,
У Мурагах яго сястра
I шчырая каханка.

Няўжо не вернецца туды,
Дзе шлях яго адзіны,
Дзе скрозь ягоныя сляды
Па сцежках і пуцінах.

Дык што ж рабіць у гэты час,
Відаць, прыйшла загуба.
I кроіць сэрца многа раз
Сабе Андрэй Кашуба:

— На фронце твой старэйшы брат,
I меншы там гаруе,
Табе Мікола і Кандрат
Ніколі не даруюць.

I бачыць ён, дзе даль імжыць,
Стаяць з дакорам двое...
— Браты, што ж мусіў я рабіць,
Адзін жа я не воін.

У тую раніцу з расой
Узняўся я з пасцелі
I на лугу быў за касой,
Як чэрці наляцелі.

Адкуль сабралася гайня,
Насыпала на поле,
Вы столькі нават гругання
Не бачылі ніколі.

А вы мне кажаце здалёк:
— Хто ж маці абароніць?
— Павінен я сваім жыццём
Абараніць сягоння.

Андрэй Кашуба сам не свой,
Туга на сэрца пала,
А на дубу, над галавой,
Зязюля кукавала.

Відаць, камусьці на вяку
Даўгую сцежку значыць,
Як завяла: ку-ку, ку-ку...
Канца не дачакацца.

Андрэй, як здань, сядзіць на пні,
Зязюлю усчувае:
— Ой, не мані ты, не мані
Мне, птушка лесавая.

Дарога лётная твая,
Твайму зайздрошчу лёсу,
А мне тут жыць сярод галля
Адно, што засталося.

Хай прашуміць зялёны гай
Прытулкам адзінокім,
Ляці, зязюля, і кувай
Мне многа раз здалёку.

Андрэй узняўся. Па шчаках
Спаўзла слязіна ціха.
Мяркуе ён пра мужны шлях,
Як знішчыць гора-ліха.

Пакутны боль яго пячэ,
Ды сумаваць не стане...
Яму хацелася яшчэ
Хоць раз на поле глянуць.

Дзе каштаны пад Мурагі
Сышліся, ўзняўшы свечкі,
Дзе, як чырвонцы, лапухі
Рассыпаны пад рэчкай.

Дае ў срэбным гомане крыніц
Вясёлкавае ранне,
Дзе ліпа лісцямі звівіць
Пра першае каханне.

Дзе над садамі, быццам шоўк,
Празрыстыя хмурынкі...
Ён павярнуўся і пайшоў
Праз хмызнякі сцяжынкай.

Пад крокам ліст стары шасціць,
Трашчыць ламачча крохка,
Ды каб вы зналі, як ісці
Дамоў заўсёды лёгка.

Сягоння ж выйдзе з гушчароў,
На кут свой родны гляне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сарве паземку, з'есць ды зноў
Ідзе без перастання.

Ды так задумаецца ён,
Забыўшы лёс трывожны,
Гатоў паверыць: гэта сон,
Што ў Мурагі няможна.

Сцяжынка кожная вядзе
Туды, дзе ўсё знаёма,
Па ветру нават, па вадзе
Ён знойдзе шлях дадому.

Усё там перажыта ім,
Там кожны кусцік зведаў,
Па баразне яшчэ малым
Блукаў за бацькам следам.

Усе палі паабхадзіў
У світцы саматканай,
Усе гаі ператрубіў
Трубою берасцянай.

А колькі босым раніцой
Прайшоў лугоў з расою,
I нават з кожнай травіной
Пагаварыў касою.

А колькі год жыцця прайшло
На палявых дарогах...
I добра ведае сяло
Яго яшчэ з малога.

Калі ж падрос, ён выбраў сам
Сабе занятак любы —
На ўсю акругу слаўным стаў
Пчаляр Андрэй Кашуба.

Між яблынь, груш малы ставок
На пасецы прынаднай —
Увесь пчаліны гарадок
Яму быў падуладны.

Ён ведаў, дзе красуе луг,
Дзе ліпа расцвітала,
Ён ведаў кожную пчалу,
Што з поля прылятала.

Любіў рамонак ціхі звон,
Як змрок крылом атуліць,
I, як пчала, пад вечар ён
Спяшаў у родны вулей.

За лес хавалася зара,
Спускаўся морак шэры,
Чакалі маці і сястра
Андрэя на вячэру.

Жбаны і місы з малаком,
Бліноў дыміла горка...
I доўга-доўга за сталом
Ішла ў сям'і гаворка.

Як сёлета красуе сад,
Як зацвілі загоны,
Што шлюць Мікола і Кандрат,
Браты, яму паклоны.

Што ўжо з наступнае вясны
Дадому прыйдуць, можа,
Служылі ў арміі яны,
У горадзе над Сожам.

Гаворыць маці і, жбанок
Схіляючы над шклянкай,
Андрэю часам незнарок
Напомніць пра каханку.

Узнікне воблік малады,
Знаёмая паходка...
I так было хлапцу тады
Ад усяго салодка.

Так з марамі пра Мурагі
Прайшоў ён шлях паволі...
Ужо канчаўся лес глухі,
Між дрэў свяціла поле.

Ён стаў за бэзавым кустом,
Глядзіць удаль задумна...
Ды як жа, вунь ён, родны дом,
I сцежачка на гумны.

I раптам ледзь не закрычаў,
Забыўшыся на сполах,
Аднекуль вецер даімчаў
Знаёмы вельмі голас.

Хапіўся бегчы. Нацянькі,
Ён паімчаў вясёлы...
Калі ж пабачыў ўсіх здалёк,
Упаў, як сноп, да долу.

Глядзіць — узброены атрад,
Нямецкія салдаты.
Гамоніць тоўсты камендант
З Пахілкам Калістратам.

I ў сэрцы болю,
Злосці шмат.
— Ах, Калістрат,
ах, гад ты, гад!

Пахілка, звер, ты люты звер
З сабачаю крывёю,
Ды гэта ж, пэўне, ты цяпер
Ганяешся за мною.

Дык поўзай, поўзай ты слімнём
З сасонкі да сасонкі...
А можа, выйсці, камянём
Пусціць табе ўдагонку.

А што ж пасля, канец на тым
З пяньковаю пятлёю,
Ды не, не будзе так, каб ты
Смяяўся нада мною.

Андрэй у хмыз глыбей залез,
Да долу прытуліўся,
Пакуль Пахілкі след не счэз
I тупат не спыніўся.

Тады устаў. Над галавой
Кулак узняў з гразьбою:
— Дык што ж наважыў раніцой
Зрабіць я сам з сабою.

Ёсць шлях напэўны, хай даўгі,
Да роднага парогу,
Дык вось хто мне на Мурагі
Спыніў цяпер дарогу.

Чужыя твары, п'яны брэх,
Мышыныя мундзіры,
Чаго хадзіць ім паміж стрэх,
Дзе я радзіўся, вырас?

Хто права даў ім тут таптаць
Мае палі, разлогі? —
Андрэй прыйшоў на сенажаць
Між бору векавога.

Там клятву даў, пакуль жывы,
Адпомсціць чужаніцам...
I да густое муравы
Як сын прыпаў ён ніцам!