Раiм наведаць


Самая свежая информация радио частоты здесь.
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Байцам-беларусам

Яшчэ не ацэнена

Вам, сябры, раскажу,
І далёкім і блізкім,
Пра журбу,
Што ніяк не прагнаць з галавы:
Захацелася мне так сягоння да Мінска, —
Ды навошта казаць,
Самі знаеце вы.

На вайне, між атак,
Між цяжкімі баямі
Выпадае на момант
Для спачынку нам час.
Паглядзіш —
Журавы праплываюць ключамі —
Колькі думак яны забіраюць ад нас!

Крыкнуць хочацца ўслед:
— Прашуміце вы крыллем
Над курганнем дзядоў,
Дзе паніклі крыжы;
Там, над тою зямлёй,
Дзе мы з маці хадзілі,
Дзе слядоў нашых век
He размыюць дажджы.

Ёсць такая ў мяне
Ад маленства прыкмета:
Там хаціна мая,
Дзе бары загудуць;
Нават страціўшы зрок,
Абыйду я паўсвета,
А да родных мясцін шлях заўсёды знайду.

Хай у ростані мне
Доўга быць давялося, —
Я дарогі знайду,
Што ў прысадах вярбы,
Той мурог,
Дзе стаяў першы раз у пракосе,
Тыя пушчы, ў якія хадзіў па грыбы.

Я надзею нашу
I ніколі не трачу,
Што пабачу ізноў дарагія куткі:
Той ручай,
Па якім човен плыў мой дзіцячы,
Той пад ліпамі пруд,
Дзе пускалі вянкі.

Мне нішто,
Мне нішто боль душы не заглушыць!
Я хачу аднаго —
Толькі-б зноўку прыйсці.
Сын расце у мяне...
Я павінен,
Я мушу
Ўсе ўладанні яму перадаць пры жыцці.

Палачанскае неба,
Што затканае ў зоры,
Неспакойныя хвалі шырокай Дзвіны,
І лясы, і палі,
І гаі, і азёры,
І крыніцы, ў якіх нашы думы відны;

Скарбы матчыных песень,
Сэрцу родныя словы,
Шум вясновых дажджоў
I красу навальніц;
Зіхаценне вясёлак,
Усмешкі зарніц,
Нават птушак усіх
Па гаях і дубровах.

Што-ж,
Мы будзем, сябры,
Зноўку ўсім уладарыць.
Сніцца кожнаму з нас
Свой прываблівы сон.
Ёсць у кожнага з нас
Незгасальная мара —
Свой куток,
Свой парог,
Свой над вокнамі клён.

Цяжка нам у бядзе,
Але мы не заплачам;
Мы за праўду
Насмерць і бязлітасна б'ём.
Шмат ісці нам дарог,
Падаць, зноў узнімацца,
Толькі веру —
Дахаты напэўна прыдзём.

Перавяжам мы кужалем
Раны на целе,
Стому з твараў
Абмыем расой ледзяной,
На заранках праменных прасушым шынелі,
Па святочнаму кругу
Пройдзем з чаркай адной.

Апарожняць яе
Пехацінцы, танкісты,
І стары партызан,
Што вярнуўся ў калгас,
І заграюць вясёла
Дружбакі-цымбалісты
Сказ аб тым,
Як нядоля пакінула нас.