Амерыка,
Ззяеш кастрамі ў цямноце,
Над імі
У дрыжыках корчацца целы.
На здані падобны
Кацюгі-забойцы,
З вачамі савінымі, ў саванах белых.
Бандыцкай душы
Не прыкрыеш адзеннем,
Яна прабівацца кінжаламі будзе.
Ні твараў у іх не відаць,
Ні сумлення...
Не, гэта не здані,
I гэта не людзі!
Скараць,
Абабраўшы да кропелькі сілы...
Маўчаць немагчыма,
Хоць мне невядома,
Адкуль ён, якога вось толькі спалілі, —
Са штата Агайо
Альбо з Аклахомы.
Ад колеру цела
Баяцца «заразы».
За тое скарала гайня
Ку-клукс-клана,
Што, мабыць, праехаў
Ён з белымі разам
У тым жа вагоне, што ім збудананы.
Ён ім неслухмяны
I больш не патрэбен —
Агню аддалі без судовай дакукі...
А можа, я з ім
Сустракаўся на Эльбе,
Дзе моцна на дружбу паціснулі рукі.
Скруцілі,
Да дрэва яго прывязалі.
Крывавае зарыва ў прэрыях свеціць...
А можа, з ім разам
Мы кубкі ўздымалі
За вольнасць людскую, за праўду на свеце.
А воля —
За кратамі кас Уол-стрыта,
Скавана яна ланцугамі багатых.
У белых адзеннях бандыты,
Бандыты...
Амерыка, — ганьба!
Чаго дажыла ты?!