Бяроза, бяроза,
Год дзвесце шумела...
Настала часіна —
I ты аблысела.
Сухія галіны, што космы сівыя.
Стаіш ты, журботна згінаючы шыю,
Пажоўклае лісце шапоча ў трывозе...
Як тая бабулька, стаіш пры дарозе.
I думы ўсплываюць:
Бяроза, бяроза,
Была ты калісьці
Гамонкай, прыгожай,
У белай сукенцы шумела высока,
Паіла людзей цудадзейлівым сокам.
Бухматага голля шумлівыя шаты
Нямала здружылі хлапцоў і дзяўчатаў.
I вось ля цябе,
Як ля добрае маткі,
Бярозкі ўзняліся,
Як тыя дзяўчаткі,
Зялёнымі хусткамі плечы прыбралі,
Пабеглі, пабеглі ў бясконцыя далі
I гуртам, і ўроссып, і роўна радамі...
Аб тым, як жывеш ты, гамоняць з вятрамі.
Бяроза, бяроза
Старэнькая ў полі,
Цябе і такой
Не забыцца ніколі,
I я да цябе завітацца імкнуся,
Як кожную весну вяртаецца бусел,
Гняздо папраўляе, гадае аб дзецях...
Для нас ты, бяроза, — адзіная ў свеце!