Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Чорнае мора, Балтыйскае мора...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Таму шмат стагоддзяў — не злічыш, як многа,
Відаць, як узніклі і воды і горы,
Далёка-далёка адно ад другога —
Чорнае мора,
Балтыйскае мора.

Быў лапаць лазовы, а што за абутва?
I кій ядлаўцовы — не поезд вам скоры,
I мала было тых, хто бачыў абудва —
Чорнае мора,
Балтыйскае мора.

Хадзіў на Турэччыну дзед мой салдатам,
Дарогу пасля ўспамінаў ён з дакорам,
Казаў, што не знаў, як вярнуцца дахаты
З гэтага самага
Чорнага мора.

Не знаў ён, што прыйдзе часіна такая,
Ледзь жыў ён у нетрах дрымотнага бору,
Што Нёман і Прыпяць, Дняпро паяднаюць
Чорнае мора,
Балтыйскае мора.

А каб я ды дзеду калісьці зазначыў,
Што людзі такое прыдумаюць, створаць,
Сказаў бы: — Пабойся ты бога, не ўбачыць
Чорнае мора
Балтыйскага мора.

Няма майго дзеда, і вельмі мне шкода,
Што ён не дазнаўся, загінуўшы ў горы,
Што злучаны будуць у нас назаўсёды
Чорнае мора,
Балтыйскае мора.

Над роўняй канала, над водным крышталем
Стаяць будуць сосны, нібыта ў дазоры.
I, можа, пад Мінскам змяшчаюцца хвалі
Чорнага мора,
Балтыйскага мора.

I мроіцца сёння так сэрцу паэта —
Плывуць параходы з далёкіх прастораў,
Не толькі з Турэччыны — з цэлага свету,
З Чорнага мора
Ў Балтыйскае мора.

Я мару — у госці яны прыплываюць.
Страчаюць іх шчыра і сёлы і горад,
Дзяўчаты і дзеці вянкамі вітаюць
Чорнае мора,
Балтыйскае мора!