Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Да сяброў

Яшчэ не ацэнена

Зноў сэрца з сябрамі гаворыць,
Зноў думак абуджаны рой —
Успомніў я многа прастораў
У доўгай дарозе сваёй.

Згадаў я гуральскія хаты
I ў горах грузінскіх ручай,
Крутлявыя сцежкі Карпатаў,
Між Будай і Пештам Дунай.

I Кіеў, і ўзгор'і Тбілісі,
I стэп, што вачам не абняць,
I як маякі — кіпарысы,
Што з Ялты на мора глядзяць.

Здаецца, што дзесьці ёсць камень
Ці дуб, што галлё распусціў,
Нібы яны клічуць часамі:
— Чаму ты ўжо даўна не быў?

Хацелася б з імі сустрэцца,
Зноў зведаць пяройдзены шлях,
Ды больш чалавечае сэрца
Смуткуе па добрых сябрах.

Нямала таварышаў маю,
Што зведалі ціхі мой дом...
I я ад душы іх чакаю
Даўно за бяседным сталом.

За вокнамі Мінск зіхаціцца,
Аж зоры ў асфальце гараць.
I я маю чым пахваліцца,
I мне ёсць аб чым распытаць.

— Вы гляньце на мінскія плошчы!
— А колькі заводаў — іх шмат...
— Якія ж агні на Кахоўцы?
— Як сёння расце Сталінград?

I так без канца і без краю
Праз вечар па свеце іду...
Сяджу я адзін, разважаю,
З усімі гамонку вяду.

Яна ж несканчоная ўецца
Між добрых знаёмцаў маіх...
А вецер да шыб дакранецца,
Здаецца, з вітаннем ад іх.

I я да акон прыпадаю,
Адняць не магу галавы
I з ветрам сябрам адсылаю
Дакор свой: — Забыліся вы!

У Мінску, таварышы, знайце,
Умеюць падоўгу чакаць...
А можа, й пара нам спаткацца,
Нам многа аб чым ёсць сказаць!