Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дарога блізкая...

Яшчэ не ацэнена

З Мінска да Масквы — дарога блізкая,
Гэтую дарогу я люблю —
Пад крыламі
Воблакі пабліскваюць;
Зрэдку дзе аконцы на зямлю.

А праз іх — хаціны, што гарошыны,
Возера не возера — ставок!
Лес
Зялёнай хусткаю пад Оршаю
I Дняпра ў Смаленску паясок!

Час ідзе.
Гляджу на дол, вышукваю, —
Дзе ж Масква?
Хвалююся ўвесь час.
Раптам
раскрываецца Унукава,
Вострым шпілем заклікае нас.

Пад крылом праменнямі азначаны,
Зоркамі успыхнуўшы, узнік —
МДУ,
Нібы той віцязь казачны,
Першы ад сталіцы прадстаўнік.

Селі мы. За ўсім з натхненнем сочачы,
Бачым — колькі птахаў там стаіць.
Падплывае лебедзь наш, вуркочучы,
Да свае крылатае сям'і.

Я сыходжу на зямлю маскоўскую,
Быццам як дадому я прыйшоў.
Поціскі
Гарачыя, сяброўскія...
Колькі ў нас таварышаў-сяброў!

Мы навек ў Маскве тут парадніліся.
Горад родны, сэрцу дарагі!
З Мінска тут,
I з Кіева, і з Вільнюса
Перакрыжаваліся шляхі.

З радасцю, надзеяй і клапотамі
Да Масквы імкне струмень жывы...
Ўнукава!
Нябеснымі варотамі
Шлях нам адкрываеш да Масквы!