Ані расы каторы дзень,
Пад сонечны касцёр
Сады, спавітыя ў сухмень,
Ранялі свой убор.
Hi месца засені.
Прынад
He захаваў і лес.
Тарфянішчаў багністы чад
Змяёй у грудзі лез.
З балотаў высыпала тля
I мірыяды мух...
На часткі трэскала зямля,
Абходзячы свой круг.
Але ўсплылі грамады хмар
Кірункамі вятроў,
Дыхнула вільгаццю у твар
З-пад чорных караблёў.
І вось на нівы, на кусты,
На жоўталісце,
Скрозь —
Ударыў колкі і густы,
Нібы іголкі, дождж.
Прабіўшы плыні духаты,
Пайшлі расліны ў рост...
І птушак жоўтыя раты
Лавілі неба з гнёзд.
Маланкі стрэламі ўстаюць,
У бубен сыпле гром...
І я, захоплены, стаю,
Абдожджаны кругом.
Часамі рукі працягну,
Нібы хачу ў палёт.
Набраклі мускулы.
Спіну
Пасек крамністы шрот.
Да хмар імкнуся крычучы
Ад свежых, поўных сіл:
– Сячы смялей,
У твар сячы,
Змяці дашчэнту пыл.
Памкнецца ўгору творчы сок.
З ім разам паплыву...
Цераз вясёлкі бачыць зрок
Зялёную траву.