Прыехаў я ў вёску
Вясновымі днямі,
Сустрэўся я ў полі
З двума бальшакамі.
I розніцу ўбачыў
Адразу між імі —
Нібы дзве эпохі
Ляжаць прад вачыма.
Я новай дарогай
Спяшаю дадому,
Старая — з дзяцінства
Таксама вядома.
Па ёй вандраваў я
Раз тысячу, можа —
На старым гасцінцы
Сівыя бярозы.
Мне бабка малому
Даўно гаварыла,
Што іх Кацярына
Калісьці садзіла.
З рыдлёўкай царыцу
Ўяўляў я, няйначай,
Ды толькі ніколі
Не здолеў пабачыць,
Мільгнула царыца,
Растаяла з дымам...
Бальшак жа даўнейшы
Увесь прад вачыма.
Узгоркі. Нізіны.
Млынок ля рачулкі.
Пясок. Каляіны
Па самыя ўтулкі.
Рыпяць панарады,
Драўляныя восі.
— Ціў-ціў... — як піскляты
Заводзяць калёсы.
Калдобы пад тройняй
Вядзёрка гайдаюць,
I кроплямі дзёгаць
Свой след пакідае.
Панурыя коні
Брыдуць аднастайна...
Такім быў, я помню,
Наш транспарт звычайны.
Пабачыў бальшак наш
I смешнага многа,
Ды гэта было ўжо
Ў дні фэсту якога.
Аж грукат, аж трэтар
Па лесе сасновым,
Навыскач імчыцца
Фарсун засцянковы.
Каняку худую
Забэсціць, заморыць,
Каняка падохне,
А шляхціц з ганорам.
Часамі глядзеў я
На пасце, улетку,
Як ездзіла панства,
Было гэта рэдка.
Карэта, як хата,
Высозныя дугі,
Аж восьмера коней
Запрэжаны цугам.
Адзінае масці
I ўсе закілзаны,
У грывах істужкі,
Хвасты падвязаны.
Здаецца, што срэбрам
Бліскучым падкуты,
А пан, што індык той,
Чырвоны, надзьмуты.
Сядзеў у карэце,
Ні з кім не вітаўся...
Скажу вам па праўдзе —
Я пана баяўся.
Пан ездзіў найболей
У свята, ў нядзелю.
А тыдзень — сялянскія
Колы рыпелі.
Бальшак старадаўні
Мне помніцца змалку,
Яго засталіся
Адны ўжо кавалкі.
А побач пралегла
Шаша-піянерка,
Раўнюткая, чыстая,
Быццам люстэрка.
Прыгледзься, як толькі
Дажджы выпадаюць,
Яліны і сосны
З яе паглядаюць.
Яна, што стралою,
Наперад імчыцца,
Праз нашую вёску
Ажно да сталіцы.
А рух неўгамонны,
А рух той няспынны,
Стаіш, пазіраеш —
Машыны, машыны...
Мільгаюць, што кулі,
Нібыта на гонках,—
Праходзяць разважна
Двухтонкі, трохтонкі.
Веласіпеды
Шыбуюць памалу,
Набітыя торфам
Плывуць самазвалы.
Вялізны аўтобус,
Загружаны цесна —
I раптам ўзлятае
Дзявочая песня.
I кожнае слова
З той песні як быццам
На дрэвах, што побліз,
Як голуб, садзіцца.
Дзяўчаты спяваюць,
Праносяцца хаты,
Іх маршам паходным
Страчаюць салдаты.
У бронемашынах
За ротаю рота,
А ў небе над імі
Плывуць самалёты.
Шаша не змаўкае
Цалюткімі днямі...
Цікава, як стрэнеш
Вяселле часамі.
Хлапец пасядае
З любімай дзяўчынай,
Абсыпаны кветкамі ўсе,
Зелянінай.
Сябры і сяброўкі
Спяваюць, гамоняць,
На хвілю не моўкнуць,
Іграюць гармоні.
Глядзіш ты — і ўспомніш
Часы маладосці,
I трошку пад сэрцам
Узрушыцца штосьці.
Ды хай сабе, сэрцам
I мы не старыя,
Шаша маладая,
Пяюць маладыя.
Бальшак жа старэнькі
Адгрукаў, і годзе.
Другія ўжо людзі,
Другое стагоддзе!