Дзень добры, хлопцы!
Прыемна ранкам
За новай працай сустрэцца з вамі!
Шугаюць пілы,
Гудуць фуганкі,
Гамоняць дахі пад малаткамі.
З-пад гэбляў стружкі
Ўвесь дол заслалі,
Відаць, што ў працы вы ўсе заўзяты,
Відаць, сякеры
Да рук прысталі
Не горш, чым стрэльбы і аўтаматы.
I, як заўсёды,
Умела, шпарка
Майстрамі справы вы сталі, хлопцы!
Давай прысядзем,
Згарнём цыгаркі,
Цыгаркай неба мы не закопцім.
I вось гамонка
Ідзе між намі.
Дымок у кольцах, дымок віецца...
Пасталі хаты
Удоўж радамі,
Як бы паслухаць прыйшлі, здаецца.
А з новых вокнаў
Нібы гукалі
За новы столік хлапцоў вясёлых.
Дык вось дзе радасць, што здабывалі, —
Свой дом і ў жыце узгоркі й долы.
Бывайце ж, хлопцы!
Я вам жадаю
Багацця й славы у кожнай хаце
Хай музыканты
Вяселлі граюць,
А вам — расці ды пашырацца.