Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Дзень мой

Яшчэ не ацэнена

Дзень мой, ты апаўдні,
I ў прасторах абуджаных —
Толькі мне перайсці,
Колькі мацяю суджана.

Дзе спынюся, калі,
За якою бяседаю,
Ды ніколі аб тым
Мне ніхто не паведае...

Можа, ведала ўсё
Сэрца добрае матчына
Ды прасторы-палі
I бары на Вушаччыне.

Што ж ты зробіш, палі
Многа раз перавораны,
I не кажуць бары,
Быццам кім загавораны.

Мабыць, тайна мая
Дзесьці добра прыхована,
Што ж, я столькі прайду,
Колькі мне наканована.

Я прашу у бароў,
Хоць зусім не па звычаю, —
Год, што ў горы прайшлі,
Мне ў жыццё не залічываць.

Каб, як можна было
Па загаду вясноваму, —
Стаць ізноў юнаком,
Перайсці ўсё па-новаму.

Каб дарога у свет,
Што абрус, была выслана —
Мала ж бачана мной
I нямнога напісана.

Шмат у нас гарадоў,
Шмат яшчэ паўзнімаецца —
Толькі ў кожным пажыць
Мне па году жадаецца.

Чуць бясконца ў палях
Ветраковыя гоманы.
Сотню раз пераплыць
Па Бярозе і Нёману.

Мне б самому пазнаць
Свет пуцінамі рознымі,
Хоць бы раз праплысці
Акіянамі грознымі.

I ў прыгодах цяжкіх
Не сагнуцца, а выстаяць,
Ды вярнуцца дамоў
У сады шумналістыя.

Слухаць гоман галля
Пад спагаднаю просінню,
А пасля і даспець,
Быццам яблыку ўвосені.

Згодзен пасці на дол,
Толькі з тымі умовамі,
Каб як зерню ўзрасці
Зноў з дажджамі вясновымі.