Горды сцяг перамогі. Кроў братоў і сыноў. Франтавыя дарогі Грозных, чорных гадоў. Дым уедлівы, горкі, Сталі плаўленай гром, Смерць пад кожным узгоркам, Смерць пад кожным кустом. Мы ж дарогамі смерці Непахісна ішлі, Гора клала на сэрцы След, як танк на зямлі. Ў ботах кірзавых ногі Не маглі адпачыць. Франтавыя дарогі, Колькі вас, — не злічыць! Шмат салдацкага поту На шляхах палявых, На багнішчы ў балотах, На завалах лясных. Дождж асколачны з ветрам. Шкуматала. Гуло. Нам вайны кіламетры Браць не лёгка было. Многа згінула, многа У змаганні цяжкім, Франтавыя дарогі, Вам вядома адным. Знаюць нашы шынелі, Што прабіты не раз, — Мы спачынку не мелі, Помста рухала нас. За свабоду Айчыны Біўся воін-салдат. Мы дайшлі да Берліна, Быў такі нам загад!