Гамоняць клёны на шляхах,
Здаецца, што галіны звоняць.
Такія ж прожылкі ў лістах,
Ну, сапраўды, як на далонях.
Рукамі я цераз гады
Свой хлеб штодзённы здабываю,
I, як далонямі, лісты
Праменні сонца заграбаюць.
I роздум гэтакі найшоў:
Мацнею я ў праменнях неба,
А ў клёна колькі тых лістоў,
Яму ж не меней сонца трэба.