Калі мільёны паміралі,
Каб засталося больш жывых,
Твае лісты мяне шукалі
Па многіх поштах палявых.
Плылі пялёсткамі малымі
Па-над абшарамі вайны,
А па дарозе перад імі
Гулі з агнямі перуны.
Былі ў лістах надзея, слёзы
I вера, што бяда міне.
I, абмінуўшы ўсе пагрозы,
Лісты знаходзілі мяне.
Яны ў вачах маіх кружылі,
Ці то спачынак быў, ці бой,
I, быццам птушкі белым крыллем,
Наперад клікалі з сабой.