Калі на ўсход я ранкам гляну
I смутак сэрца ахіне,
Я рад, што йдзе з-за акіяну
Насустрач сонца да мяне.
Яно было нядаўна, знаю,
Паміж маіх палёў, бароў,
I я, засмучаны, пытаю
Пра родных, блізкіх і сяброў.
Мне тут не соладка жывецца,
Магу аб доме толькі сніць...
А што цяпер у нашым свеце,
Якія там праходзяць дні?
Напэўна восень жоўтым шарфам
Гаі паспела апавіць,
I павучынне, быццам арфа,
Ў кутку зацішлівым трымціць.
Напэўна ў ноч, як ходзіць месяц,
У небе бліскае лядок,
I з вогнішча пад сінім лесам
Імкне, што з коміна, дымок.
Па вёсках лісцяў каруселі,
Стаяць ля кузняў трактары...
Відаць, у нас цяпер вяселлі,
Музыкі граюць да зары.
Відаць, байчэйшая з калгаса
Скакаць, спяваючы, пайшла...
I я пяю з хлапцамі разам
Аб тым, як ружа расцвіла.
Я чую — цягнуць: «Горка... горка...»
Няма ратунку маладым!..
Ды раптам крык сірэн Нью-Йорка,
I я ўжо ў свеце у другім.
А крык расце, як толькі можа,
Ніяк не ўцяміць розум мой,
Ну хто Амерыку трывожыць,
Навошта гэты неспакой?
Жыві, сама як пажадала,
Не трэба пірагоў тваіх,
Каб толькі ты не выпаўзала
З драпежнай лапай да чужых.
Крыху мне толькі смешнавата,
Кажу я шчыра, не маню, —
Што той буржуй, нібы з плаката,
Ідзе па Трэцяй авеню.
I ў той жа час скажу, што горна,
I думак не магу пазбыць,
Што ў Гарлема прадонні чорным
Гібеюць чорныя рабы.
I, можа, сёння не прыстала
Табе выказваць погляд мой,
Але, Амерыка, нямала
Што след зрабіць яшчэ самой.
А я адным жыву бясконца,
Каб дачакаць хвіліны той —
Паплыць дамоў, да ўсходу сонца,
Дзе ўсім жаданы я і свой.