Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Камандзіровак многа...

Яшчэ не ацэнена

Камандзіровак многа.
Ва ўсе куткі, канцы,
Па ўсіх шляхах-дарогах
Імчаць ганцы, ганцы...

Каго ты ні сустрэнеш —
Кірунак мае свой,
Пасведчанне ў кішэні
З пячаткаю любой.

Адзін па справах лёну,
Другі — узняць надой...
Сустрэўся я ў раёне
З такою чарадой.

I ўсе для першай скрынкі
Адменныя смыкі...
Сядзім і ловім рыбку
На беразе ракі.

Сядзім амаль да ночы,
Гамонім для забаў,
I помню, што аднойчы
Я гутарку пачаў:

— Прызнацца, мне дык сорам,
Марнуеш толькі час.
Давайце пагаворым,
Хто тут патрэбен з нас?

I вось мужчына ладны,
У светлым жупане,
Узняўся, далікатна
Звярнуўся да мяне:

— Ну, як такое слоўка
Маглі вы нам сказаць?
Тут сенанарыхтоўкі
Патрэбна ж увязаць.

Другі ўстаўляе слова,
Як той акунь схапіў,
Нахмурыў грозна бровы
I злосна прабубніў:

— Як бачу, вам, яй-богу,
Абы бузу узняць.
А тут жа скаргаў многа,
Іх трэба развязаць.

Пасля пайшлі навалам,
I ўсе як ёсць адно.
Падняўся гэткі галас,
Што рыба ўся — на дно.

— Да пчол мы непасрэдна,
Умейце пчол любіць.
Мы сем’і вулляў бедных
Павінны тут злучыць.

— А мы, вы, можа, чулі,
Чаго ж вам нас вініць, —
Раі багатых вулляў
Павінны разлучыць.

— Нам трэба ўсе машыны
Як ёсць перапісаць!
— А мы, а мы павінны
Зламаныя спісаць.

— Мы паглядзім, як травы...
— А мы таго-сяго...
— Мы ўсе тут дзеля справы,
А вы... а вы... чаго?

I да мяне так лоўка,
Бліжэй, бліжэй штораз:
— А дзе камандзіроўка,
Чаго вы тут між нас?

— Адказ, — кажу я, — маю,
Калі ўжо так пайшло:
Даўно я паглядаю,
Каб меней вас было.

Маглі б зрабіць і многа
Такія малайцы,
А то на ўсіх дарогах
Вы лішнія ганцы.