Шлях карэльскі.
Валуны, як горы,
I дрымотны, несканчоны лес...
Між ялін, абходзячы азёры,
Ты на поўнач сінюю вядзеш.
Да цябе,
Развесіўшы галіны,
Шмат бяроз сышлося паглядзець —
У высланне некалі Калінін
Па табе ішоў на Павянец.
Ці на гору ўскочыш ты з разбегу,
Ці на дол
Спускаешся ізноў —
З Ладагі да самае Анегі
Чутны перамовы малаткоў.
А па рэчках ночамі і днямі,
Паміж хвой
I хмызнякоў густых,
Як палкі праходзяць за палкамі,
Доўгія сасновыя плыты.
Плыць і плыць ім ў зыбкіх хвалях мілі,
Ты ж бяжыш
Пад гоманы сасны,
Покуль не прыпынішся па хвілю
Падзівіцца ўвысь на каміны.