Каўказ! Ты праменнямі сонца спавіты,
Славуты сваёй прыгажосцю спрадвеку,
Сыны твае — з гордай душою, адкрытай
I чыстай, як снег на вышынях Казбека.
Як срэбра, звініць іх праўдзівае слова,
Іх дружба не ведае межаў, як мора,
Над імі, узняўшы ў аблокі галовы,
Стаяць мудрацамі задумныя горы.
Яны паглядалі, як дзеды і ўнукі
Заўсёды аддана сяброўства віталі,
Як вольна, што стрэлы з напятага лука,
Джыгіцкія песні між іх праляталі.
Джыгіцкая клятва крывёю з'яднана,
Іх клятва нязломна, што стромыя скалы:
Таварышу — ў ногі дыван саматканы,
А ворагу — лютасць вастрэй ад кінжала.
Чужынца за крыўду знішчаюць з праклёнам
Нямала цяснінаў крывёй чырванелі;
У бойках сягоння Сасунца плямёны,
Сыны Нізамі і сыны Руставелі.
Для іх невядомы ні здрада, ні сполах.
Паслухайце песні чапгуры і саза:
Як горды Эльбрус не апусціцца долу, —
Ніколі не ўкленчаць народы Каўказа.
Вы бачыце іх у сталёвай кагорце,
З мячамі у бойцы рашучай сягоння —
За нафту Баку, за расцвіўшае Поці,
За лозы Сухумі і воды Рыёна.
Плывуць крумкачы над пуцінай арлінай,
Ало — у бяздонне адна ім дарога,
I з выем шакалаў знікаюць ў цяснінах,
Канаючы ў полымі гневу людскога.
Суровая помста з далін Алагеза,
I грозныя клічы ад сцен Чыятуры:
Не ведае промаху куля чэркеса,
Не тупіцца шабля-маланка хеўсура.
Хоць ворагі блізка прыйшлі да парога,
Не сесці за стол ім у ката адзенні,
Не піць цынандалі з турынага рога, —
Чарнець ім касцямі на голым каменні.
Калі ж мы з апошняга вернемся бою
I сонцам вясны пазалоцяцца далі,
Збяромся усе, што сваёю крывёю,
Праверыўшы, дружбу навек змацавалі.
I ўспомнім за шумнай бяседаю разам,
За чыстым, як снег, крышталёвым абрусам
I дні Сталінграда, і высі Каўказа,
Палі Украіны, лясы Беларусі.