У добрым калгасе бліз Нёмна сівога
Я знаў аднаго каваля маладога.
На волас чарнявы,
Высокі, рахманы,
Ды толькі не з гэтага
Меў ён пашану.
Не зоркім паглядам, не постаццю гнуткай
Праславіўся хлопец, —
Праславілі рукі!
Мне нават сказалі ў калгасе аднойчы:
— Ён выкуе месяц, як толькі захоча,
Павесіць паўноччу на белай бярозе,
Каторы сапраўдны — ніяк не адрозніш! —
Не знаю,
Ці праўду казалі мне людзі,
Не знаю,
Няхай жа па-іхняму будзе!
А толькі адно вам сцвярджаю сягоння,
Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць,
Што хлопец прынадны,
Што майстра сапраўдны!
Бывала, ледзь золак засвеціць над хатай,
Прыцягнецца з плугам да кузні араты;
— Ці нельга парадзіць,
Адвад каб наладзіць? —
Як возьме наш хлопец жалеза кавалак
Ды, кінуўшы ў горан, нагрэе удала.
Здаецца, што пройдзе не болей мінуткі,
А стане жалеза, што блін той бялюткі.
А потым у момант
Змайструе, вядома,
Прыб'е адмыслова —
I плуг той гатовы!
Араты на полі барозны ўздымае
I шчодра свайго каваля ўспамінае.
Самому глядзець мне не раз давялося:
Падгоняць пад кузню благія калёсы —
Атосы на гора,
Пакрыўлены шворан,
Разбіты драбіны
Ды колы без шынаў.
Ад гэткіх агледзін не стане вясёла.
А ён толькі моўчкі бярэцца за молат,
Працуе старанна, аж пот з яго льецца,
Пакуль гэты выезд не прыйдзе да месца.
I выйшла такое —
Наклалі раз гною на гэты калёсы,
Вязуць на палетак.
А раптам як згледзяць суседзі:
— Што гэта?
Ці вы так багаты,
Ці проста вар'яты?
На выездзе гэткім
Не сорамна ў сваты! —
Аднойчы спыніўся яздок адмысловы:
Каб як за гадзіну прыладзіць падковы?
Прайшло паўгадзіны,
А можа, і меней, —
Ён іскры красаў па дарозе з камення.
Каваль што ні скажа,
Дык спраўдзіць на слове.
Хвалілі ўсе ўмельства
I спрыт кавалёвы,
Што ён і паважны і ў працы заўзяты,
А болей за ўсіх выхвалялі дзяўчаты.
Падыдуць то з гэтага боку,
То з тога,
А ён, як на злосць,
Не глядзіць ні на кога!
На жарты адбуркнецца ды адвярнецца...
Дзівіліся —
Хіба няма ў яго сэрца?
Адно толькі знае — ўсё звоніць і звоніць...
Гадалі — ніхто ўжо яго не палоніць?
Дарэмна ж,
Па часе —
Такая знайшлася!
Нікому ж дайсці да таго не прыйшлося,
Што гэта малая, бялявая Зося.
Прынесла аднойчы свой серп у дакоры.
Як глянуў каваль ёй у вочы-азёры, —
Увесь разгубіўся
Ды ў іх утапіўся.
Зацвіў, як ніколі,
Ледзь вымавіць здолеў:
— Я серп твой папраўлю, што будзе ён тонак,
Скую ж табе разам, дзяўчынка, пярсцёнак:
Прыложыш да вока —
Пабачыш далёка,
Калі ж загадаеш,
Каханка пазнаеш! —
На гэтым з дзяўчынаю ён развітаўся
Ды цэлую ночку на ложак не клаўся,
Званіў малаточкамі ноч безупынна,
А кажучы праўду, не спала й дзяўчына,
Бо грукала ў такт малаточкам, здаецца,
Дзявочае сэрца.
Калі ж яна ў кузню прыйшла раніцою,
Каваль падышоў к ёй з работай сваёю.
Паднёс ёй пярсцёнак і серп назублёны,
А потым стаяў і глядзеў улюбёны.
Узняўшы пярсцёнак,
Як глянула Зося,
Аж сэрца зайшлося!
Прыгода якая —
Каваль выглядае!
Дзяўчына аб раз не паверыла воку,
Круціла пярсцёнкам у розныя бокі,
Куды ж ні пакруціць,
Нідзе анічога —
Адно толькі бачыць
Яго маладога!
Была гэта справа, жытное як жалі,
Не знаю, папраўдзе, што сталася далей,
Адно толькі знаю — іх бачылі многа,
Бывае, ля кузні, а больш ля жытнога,
Што погляд у дзеўчыны стаў ясназорны,
Што ў працы каваль той зусім бездакорны!