Хацеў бы часіны такой прычакаць,
Каб суддзяў пабачыў я гэтак:
Сядзяць —
Задаволена ў залу глядзяць,
I сэрцы іх шчасцем сагрэты.
Забытыя словы: прысуд і турма,
Не чутна аб кары ні разу,
Не то што забойцаў —
Зладзеяў няма,
Няма ўжо ніякай абразы.
Даўно ужо суддзі не чуюць маны,
Не знаюць зняваг і рабункаў,
Не справы злачынстваў прад імі відны,
А кветкі і горы дарункаў.
Чаго ж тады суддзям сядзець за сталом,
I што іх за роля такая?
Сягоння за працу,
За песню з агнём
Найлепшых яны адзначаюць.