Хоць часу перажыта многа
I адпакутавана шмат,
Ды тое-сёе са старога
Сустрэць я быў бы вельмі рад.
Каму жыцця бліснуў ледзь золак,
А мне ўжо вечаровы дым,
За дзён мінуўшых частаколам
Я ўжо не стану маладым.
На міг бы стрэцца мне з гадамі,
Што адышлі з маёй вясной, —
З бацькамі, з любымі сябрамі,
Да болю любая, з табой.
З табой у нізенькай хацінцы,
На полі, ў лесе, на лугу,
З табой на сельскай вечарынцы,
З такой, што ў сэрцы берагу.
З табой, шумлівай, несціханай,
З табой, што вішанькай цвіла,
У той сукенцы палатнянай,
Што мне мілей за ўсё была.
Хай адшумелі лістапады,
Вясляр на бераг той грабе,
Скажу, я быў бы вельмі рады,
Калі б убачыў зноў цябе.
Якой бы ні была ты сёння,
Я стаў бы сэрцам палымнець,
Маім пачуццям так, як скроням,
Я не дазволю пасівець.
Прайшлі сустрэчы, быццам хмары,
Была ты сонечнай адна,
Я за маршчынкамі на твары
Цябе б ранейшую пазнаў.
I, можа б, вочы заіскрылі,
I, можа б, вусны расцвілі,
I, можа б, сталі мы на хвілю
Такімі, як даўней былі.