Пры лесе, пад горкай
Бруіцца крыніца.
У светлай крыніцы
Вадзіца-жывіца.
Лясамі, палямі
Праходзіць дарога.
Спыняецца многа
Ля срэбра жывога.
Па конаўках, кубках
Струменьчык няспынны...
Лягчэюць пуціны,
Яснеюць часіны.
Там ночкаю месяц
Збірае уборы,
Пад шопаты бору
Палошчуцца зоры.
Я помню, калісьці
Прыходзіў уранку,
Паіў на світанку
Трубу-берасцянку.
З ручайкі малое
Памыўшыся чыста,
З прыпевам, са свістам
Іграў галасіста.
Купаллем дзяўчаты
Прыходзілі з мятай,
Аб лёсе багата
Гадалі дзяўчаты.
Збыліся жаданні
Па іхняй прымеце:
I ў хаце, і ў клеці,
І ў кожнае дзеці.
Я раю, як толькі
Спякотаю горка,
Спусціся са ўзгорку,
Зачэрпні вядзёрка.
Пры лесе, пад горкай
Бруіцца крыніца.
У светлай крыніцы
Вадзіца-жывіца.