Вялікая мая Айчына,
Знаходзіш ты натхненне ўсім.
Жыве на поўначы дзяўчына,
Жыве ў палацы ледзяным.
I ўдзень і ўночы ёй не спіцца,
Ці мала там адказных спраў, —
Праверыць, вецер як імчыцца,
Куды кірунак скіраваў.
Якія айсбергі спатканы,
На колькі цаляў лёд узрос,
Адзначыць глыбі акіяна
I ці ўзляцеў, ці паў мароз.
Нямнога ў дзеўчыны суседзяў,
Нялёгка там іх напаткаць.
Бывае, белыя мядзведзі
Падыдуць глянуць на палац.
Здаецца проста дзень шчаслівым,
Як быццам хто візіт нанёс,
Як з проймы з выглядам санлівым
Клыкасты высунецца морж.
А як суціхне на хвілінку
I ўсё замрэ там навакол,
Чутно, як кожная сняжынка
З палёту падае на дол.
Там прыгажосць без параўнання,
Палац, хоць з выгляду шацёр,
Здаецца, што ў паўночным ззянні
Сабраў з нябёс мільёны зор.
I ў тым палацы чараўніца,
Снягі, вятры ў яе руках...
Калісьці з лёду для царыцы
Быў збудаваны большы гмах.
Царыцы, ёй людзей не шкода!
Сказала стаць — і гмах устаў,
I, рэч вядома, як заўсёды, —
Дзеля распусты і забаў.
Ды ім прыйшоў канец адзіны,
I шлях тады адкрыўся ўсім.
Жыве на поўначы дзяўчына,
Жыве ў палацы ледзяным.
Жыве яна з душой гарачай
I з роем клапатлівых дум.
Бывае цяжка — не заплача,
Бывае сумна — гоніць сум.
Глядзіць яна на свет вачыма,
Якім не страшны золь, віхор,
Бо там, на поўначы, Радзіма
Яе паставіла ў дазор.