Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Ля помніка Райнісу

Яшчэ не ацэнена

Ля горада Рыгі, дзе спяць праз гады
Навечна заснуўшыя Латвіі дзеці,
Я Райніса бачу, — які малады!
Здаецца, што з ложка ўстае на дасвецці.

Ягоныя вочы ўзіраюцца ўдаль,
Ён чуе, яму там дакучна і цесна,
Ён пройдзе па дзюнах на бераг, да хваль,
Дзе ветразі, чайкі, рыбацкія песні.

Ён прыйдзе на плошчы да новых будоў
I доўга там з мулярам гутарыць будзе,
Ён прыйдзе да хат між вясновых садоў,
Дзе прагнуць так слова ягонага людзі.

Браты яго клічуць здалёку ўвесь час,
Пачуць ім хацелася б Райніса голас.
I, можа, яшчэ раз ён прыйдзе да нас,
Яго ж так чакалі Купала і Колас.

Ягоныя песні не знаюць мяжы,
Да сэрцаў гарачых лятуць на спатканні,
З пачуццямі расхваляванай душы
Стаю я сягоння, стаю я ў чаканні

Ля горада Рыгі, дзе спяць праз гады
Навечна заснуўшыя Латвіі дзеці,
Я Райніса бачу, — які малады!
Здаецца, што з ложка ўстае на дасвецці.