Лясы з дрымотнай цішынёй,
Як модныя бары, —
З двухстволкай-тулкай за спіной
Ідзе ляснік стары.
З лясамі ўлетку і ўзіму
Ён рады размаўляць:
Дзе сцежка — вулачка яму,
Прагаліна дзе — пляц.
Куды ні пойдзеш — звонкі шлях,
Усюды спеў гучыць,
Гудуць шырокія ў плячах
Дубы, як мудрацы.
Да іх асін падбегла шмат,
Баўтлівых цераз край,
На ўзгорку сосны сталі ў рад,
Бы крыкнуў хто: — Зважай!
Бярозы ў строях удалых
Паслухаць падышлі,
Яліны — тыя падалы
Спусцілі да зямлі.
Ляшчыннік звесіўся ў раку,
Шапоча ледзь чутно,
Ды ўся гамонка лесніку
Вядомая даўно.
Ён знае сэнс іх розных слоў
I безліч галасоў,
Ён знае, колькі ў кім кружкоў —
Перажытых гадоў.
Узгоркі,
выспы,
гушчары,
Імшарышчы, куп'ё...
Ідзе праз іх ляснік стары,
Як праз жыццё сваё.
Вось тут ён трыццаць год назад
Стаў у рады байцоў,
Вось тут калісьці продатрад
Кулацкі хлеб знайшоў.
Адсюль,
ён помніць, маладым
На рум вывозіў граб,
А вось пад дубам векавым
Быў партызанскі штаб.
Жылі тут хлопцы-малайцы,
Тут быў іх дом і клець,
Адсюль праз лес ва ўсе капцы
Ішла на катаў смерць.
Мінулі бітвы, адгулі,
I шчасце зноў жыве,
Пяе ляснік, і спеў галін
З той песняю плыве.
Ён любіць лес,
з якім узрос,
Вялікім пачуццём,
Ён знае — ў дрэў багаты лёс
I доўгае жыццё.
Бо ім не трэба паміраць,
А легчы ў новы зруб,
Ці на плячах пласты трымаць,
Ці жыць у звоне струн.
I рады ён, што праз гады
Іх шырыцца разгон —
Зайшлі адгэтуль жалуды
Аж на Кубань і Дон.
I ўсталі ў гомане лістоў
Наперакор вятрам...
А друг яго паміж дуброў
З двухстволкай ходзіць там.