Ён праразаецца здалёк
Агнёў рэкламным крыкам.
Вялікі, кажуць нам, Нью-Йорк,
I сапраўды — вялікі.
У небаскробаў гонкі рост,
Ну што ж, размах заморскі.
А вось і Бруклінскі той мост, —
Стаіць наш Маякоўскі.
Хачу яго я запытаць,
З дарогі ён з якое.
I небаскробаў не відаць
Мне за яго спіною.
Што небаскроб яго даўжэй,
Праверыць можна мерай,
Ды Маякоўскі іх вышэй,
Я ў гэта цвёрда веру.
Яго ж няма. А каб ён жыў,
Ён свету б нёс надзею.
Я веру, ён напэўна б быў
У нас на асамблеі.
Кляйміў бы гнеўна ён вайну,
Мір бараніў з запалам,
Ягоны б голас скалануў
ААНаўскую залу.
Узмахам волатнай рукі
З прамоў зрываў бы краты,
У крэслы б заганяў цвікі
Прадажным дыпламатам.
Зляталі б словы-валуны,
Яны б людзей кранулі,
Каб не было нідзе вайны,
Нідзе на земнай кулі.
I я гляджу сягоння днём
На мост, што ім успеты.
Шуміць Іст-Рывер пад мастом,
На ім няма паэта.
Ды толькі між стальных станін,
Я чую, крокам дужым
Праходзіць ён, грамадзянін
Савецкага Саюза.