Нямала гасцей наязджае да нас.
Бываюць
Здалёку і зблізку, —
Пабачаць заводы, агледзяць калгас,
Гуляюць па вуліцах Мінска.
Ім помніцца, як бушавала вайна,
Чуваць было нашу краіну.
Дазнацца жадаюць:
— А што за яна?.. —
Індусы, французы і фіны.
Аб ёй жа хадзіла нямала размоў,
Дзе ж волаты храбрыя тыя?
Тут сонечных, звонкіх
Нямала дамоў,
А ціхія людзі такія.
Так, мы патрыёты такога жыцця,
Хачу ж, каб герояў спазналі, —
Рука,
Што так песціць ласкава дзіця,
Бывае мацнейшай ад сталі.
А горад мой светлы. I пэўна з таго,
Чым далей,
Тым болей ён ззяе,
Што светла сумленне народа майго,
Што лёс яго светлы чакае.