I неба, і зоры, і месяц сярпом
I сінія хвалі, што горы...
Сядзім мы з сябрамі за дружным сталом
На беразе Чорнага мора.
Сядзім і гамонім — адзін, то другі,
Нам ёсць расказаць што, вядома.
Ад розных мясцін прывялі нас шляхі,
А мы быццам даўна знаёмы.
Сабрала нас лета да хваляў марскіх,
I тут аб жыцці мы гаворым.
I кожнага радасць — ёсць радасць для ўсіх,
А гора — для кожнага гора.
Гамонім аб дзецях, аб нашых дамах,
А хтосьці ўздыхне па любімай...
Здаецца, што дружбы такое няма,
Як сёння між намі усімі.
Усё нас хвалюе: гамонка вятроў,
Абрысы скалы таямнічай,
I зоры, і мора ў агнях караблёў, —
Усё, што Радзімаю клічам.