Дык вось багатая чужына,
Глядзі, ледзь толькі паспявай.
Даўно мы чулі пра краіну,
Што ў ёй — нібыта самы рай.
Іду ў Нью-Йорку, пазіраю,
Вакол агні, агні гараць...
Не ведаю адносна раю,
А што багата — дык відаць.
Такіх вітрын нідзе не стрэціш...
Якіх там ні пабачыш цуд!
Відаць, што толькі ёсць на свеце,
Сабрана за стагоддзі тут.
I ўсё крычыць, кудысьці мкнецца.
У тым нямала пекнаты,
Ды мне, Амерыка, здаецца,
Залішне ганарышся ты.
Ты паглядаеш, як з узгорка,
Вядома пыха ўсім твая,
Паслухай жа, тваім Нью-Йоркам
Захоплены не вельмі я.
Праспекты, стрыты, што цясніны,
Як бы на мерку на адну,
Каля такіх прастораў сініх
Стаяць бы тут прыгажуну.
Ён мог бы фарбамі іскрыцца
I вежы стромыя ўздымаць,
А то каробкі-камяніцы
Пахмура-шэрымі стаяць.
I небаскробы цешаць мала,
Як тыя прывіды кругом,
Як быццам пашчапаў хто скалы
На часткі дужым калуном.
I тым агнём рэклам стракатых
Не мог Нью-Йорк мяне крануць.
Ну што з таго, што ён багаты?
Яму мы ведаем цану.
I хоць у сейфы Уол-Стрыта
Ліецца золата ракой,
Мы знаем, як яно здабыта, —
На ручаях крыві людской.
Усё здабыта пад прынукай,
Усіх пакут не прыгадаць...
Ёсць у твайго народа рукі,
I залатыя, што й казаць,
I пазайздросціш часам, можа,
Як на умельства паглядзіш.
Ды ён не ўвесь жыве ў раскошы,
Дарма аб тым на свет крычыш.
Яшчэ па нетрах цёмных, дымных
I ў ясны дзень вісіць смуга,
I за пахлёбкаю нішчымнай
Стаіць даўжэзная чарга.
Там боль, пакуты і пагарда,
I поўніць гнеў людскую кроў,
Іх мала радуюць мільярды
Тваіх тузоў-уладароў.
Хоць ззянне золата не змеркла,
Але чыё яно, чыё?
Каму тут рай, каму ж і пекла,
Тут, кажуць, кожнаму сваё.
А мы законамі другімі
Узгадаваны ў барацьбе.
Мой родны край, мая Радзіма,
Я так сумую па табе!