Як толькі прыйдзе дзень вясновы
I стане возера сінець,
Я, хоць рыбак не адмысловы,
Люблю за вудачкай сядзець.
Гляджу ў ваду. Ды то ж не жарты
Уклейкі, плоткі, галаўні,
Язі паважныя і карпы,
Што тыя зебры, — акуні.
Як непаседы, верхаводкі
Падскокваюць, вада ў кругах.
Стары шчупак падводнай лодкай
Стаіўся хіжа ў чаратах.
Мянтуз выходзіць палахліва
На шыр з затопленых асок.
Чаму ж такі я нешчаслівы —
Не ўзварухнецца паплавок.
Іду дамоў з пустым праз поле.
Сцяжынка ўсыпана расой.
Жыццё! Я дзякую, што здолеў
Тваёй нацешыцца красой!