Я прыйшоў паглядзець
Сёння ў гэты пакой —
На дзяўчыну
З прыветным задумлівым тварам.
Мне здалася яна
Ціхай, простай такой...
Што ж сароміцца так
Маладзенькая пара?
— Калі ласка!.. —
I дзеўчына ўмомант які
За сталом ужо з імі
Ласкава гаворыць.
Ручайкамі кладуцца
На паперу радкі,
А вачам маладых —
Рассцілаецца мора!
Узнялася
З лісточкам паперы малым:
— Жыць шчасліва, сябры,
Вам маё пажаданне!.. —
Развіталася з імі.
Прыходзяць з такім,
Што, як соскі няма,
Больш за ўсё ў хваляванні.
Запісала яшчэ
Да жыцця аднаго.
Пажадала, каб хутка
Ён рос, уздымаўся!
Зазірнула, як маці,
У вочы яго...
Я з павагай гляджу
На начальніка загса.
Я хачу папрасіць
Яе сёння аб тым,
Каб яна загубіла дзе
Кнігу аб смерці.
Запішы!.. Запішы!..
Быць хачу маладым!
Хоць у кнігу малых,
Калі нельга да сэрца.