Стаю над возерам вясной,
Ўсё спавіта цішынёй.
Гляджу — а ў ім паміж ракіт
Нябёс гайдаецца блакіт,
Не то пад колер васілька,
Не то пад вочы юнака.
Прыйшоў я ўвосень паглядзець —
Ужо лістоў гамоніць медзь,
I зашарэлася ўжо скрозь,
Здаецца, ўзрушыў хвалі хтось —
Разбегліся ва ўсе бакі,
Нібы на твары маршчакі.
Я быў і ўзімку ў месцы тым —
Пад пакрывалам ледзяным
Не чуць ані гамонкі хваль,
Завеі засланілі даль.
I возера часінай той
Заснула ў пене снегавой.
Але не век яму да сна,
Я знаю — ўзнімецца вясна,
I паміж хваль у цвеце дрэў
Пачне кружыць птушыны спеў,
I ў ціхім люстры між ракіт
Зноў загайдаецца блакіт.