Праз вякі наш край празвалі
Краем багны і балотаў;
Сумны дол сахой аралі,
Палівалі чорным потам.
Наша поле, нашы нівы,
Кут забіты, занядбалы —
Абыходзілі маўкліва
I зямля ў адказ маўчала.
Сёння ж весткі прыляцелі,
Я ад сэрца ганаруся —
Як жа мы пабагацелі:
Нафта ёсць у Беларусі.
Б’юць высозныя фантаны,
Нафты ў нашых нетрах многа
Ёй да Прыпяці напрамак,
Да Дзвіны — яе дарога.
Там з машынамі сустрэцца,
Разнатварай быць прымусяць...
Чуеш, радуюцца сэрцы:
— Нафта ёсць у Беларусі!