Ноч вясновая каротка.
Спіцца Настачцы салодка.
Вецер ходзіць ля акон,
Сніцца ёй прыгожы сон —
Карагоды ля ракі,
I падружкі, і вянкі,
I сукенкі новыя...
Смачны сны вясновыя!
А пад ранне, ледзь чутно,
Быццам грукнуў хто ў акно,
Задрыжала хатачка...
Разважае Настачка —
То дзятлы ў сасонніку,
То каліна голлейкам,
То каменнем рэчанька...
Не прачнецца дзеўчынка, —
Спіць, не ведае дакукі...
Толькі хтосьці больш пагрукаў,
Ці па небу громамі,
Ці па бруку коламі.
Сон ад ложка адлятае,
Прачынаецца малая,
На акно ўглядаецца:
Хто такі? — пытаецца.
Раптам як узнімецца
Ды да вокнаў кінецца,
Сэрца ледзь не страціла:
За акном пабачыла
Твар з чырвонай зоркаю,
З роднаю гаворкаю:
— Адкрывай жа хатачку,
Я твой тата, Настачка!
З перамогай, Настачка!