Не пытайся пра гэта,
Бо адказу не дам.
Як зрабіўся паэтам,
Я не ведаю сам.
Свой радок на паперы
Не чакаў я спаткаць,
Проста сэрца без меры
Захацела спяваць,
Што зажыў без клапотаў
Я, вясковы юнак,
Што, прыбраўшыся ў боты,
Хлеба зведаў усмак.
Я спяваў пра барозны,
Што за дзень узарэш.
Я чытаў гонкім соснам
Просты, шчыры свой верш.
Не расчуліў дзяўчыну
Вершам я, не скажу.
А пачула хмарына —
I згубіла слязу.
У радках — што хваліцца! —
Не было пекнаты,
Чуў алешнік, і быццам
Падпявалі лісты.
Ды з высокай сялібы,
На бярозе старой,
Бусел клёкатам нібы
Пагаджаўся са мной.
Ну, а далей, а далей,
Як і ў многіх другіх,
Разгарнуліся далі
Дум, пачуццяў людскіх.
На начлезе вясною
Я адкрыўся сябрам,
Ускурылі махрою
Мне тады фіміям.
Хлопцы чарак, дарэчы,
Не трымалі ў руках.
Моцным словам хлапечым
Блаславілі на шлях.
Шлях далёкі, бязмежны...
А натрапіцца ноч —
Аганёк той начлежны
Не спускаю я з воч.
Пагляджу неаднойчы,
Рады я — не пагас...
Ці вы чуеце, хлопцы?
Я спяваю пра вас!