Між экскаватараў кран завіхаецца,
У самазвалаў спачынку няма,
Крышацца сцены, краты ламаюцца —
Нішчыцца сёння турма.
Царскага ладу цвярдыня жахлівая,
Па-над свабодай і розумам здзек,
Колькі змаганцаў з душою імкліваю
Ты пахавала навек!
Колькі там волі людское знявечана,
Колькі вачэй не счакалі святла,
Колькі тут слёз і крыві чалавечае
Кожная цэгла ўзяла!
Вышай і вышай сонца праменнае,
Новыя светлыя гмахі стаяць.
Веку праклятага глыбы каменныя
Радасна нам раскідаць.
Прыйдзе часіна — не будзе і следу іх,
Знішчыцца й назва сама,
З кнігі нашчадкі толькі і ўведаюць
Чорнае слова — турма.