Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Падарожжа

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Жыццё тое даўна, няйначай,
Валамі наперад брыло.
Найболей, што дзед мой пабачыў, —
Сваё валасное сяло.

Ён мора не бачыў ні разу,
Ён выгляду гор не спазнаў.
Ды дзе там, сам цар да Каўказа
Па месяцы цэлым скакаў.

А сёння, як глянеш, не тое, —
Жыццё несутрымна бяжыць,
Народзіцца толькі малое,
А ўжо на машыне сядзіць.

Далей заглядае ўжо вока,
Адлегласці іншы памер,
I тое, было што далёкім,
Здаецца, што побач цяпер.

Прастор, як пабачыць ты можаш,
У руху няспынным увесь.
Здаецца, што ўсё ў падарожжы —
I людзі, і збожжа, і лес.

Паедзеш куды, азірнешся,
Глядзіш — землякі ўсё стаяць:
Дубкі ад дуброваў Палесся
Ужо каля Дона шумяць.

Настала часіна другая,
Ўсё родніцца сёння хутчэй,
А самая радасць людская,
Што сэрцы да сэрцаў бліжэй!