Брыду адранкам ля ракі,
Збіваючы расу,
I самапал па два куркі
На выпадак нясу.
He загамоніцца нідзе.
Hi знаку на сляды.
Стаіць па грудзі у вадзе
Ляшчыннік малады.
Зеленавострых чарацін
Ацежалела раць...
З пуховак сосен і ялін
He можа сонца ўстаць.
He знаць у гэту цішыню
Hi качак, ні чыркоў!
Як паляўнічы, наманю,
Вярнуўшыся дамоў.
Але, пускаючыся ў шлях,
Я вабікі прыпас...
З кустоў у блізкіх паплавах
Адгукнуўся бекас.
Уміг надзеямі жыву,
Пашанцавала мне.
Бягу праз дзіды, крапіву,
Куляюся ў багне.
Перамагаючы гушчар,
Падкраўся я цішком.
Перада мной рачны жыхар
Нырае за мальком.
Усплыў. Здаволены сабой,
Цярэбіць мокры пух...
Пускаю шротавы набой
На задрыжэўшы круг.
Па ўсім!
Устрапянуўшы, птах
Ударыў мне чалом
I знік у дальніх чаратах,
Махаючы крылом.
Ну, што-ж?..
Відаць, не павязло.
Няхай! На першы раз...
Іду, знябыўшыся, ў сяло,
Мяркуючы расказ.