Паміж ляснымі шатамі,
Дзе продкі кут знайшлі,
Пад стрэхамі гарбатымі
Па вёсках мы жылі.
Вядома — хлеб з мякінаю
За нашым быў сталом,
Свяціліся лучынаю,
З камінка — смаляком.
Хіба раскажаш вершамі,
Які тут быў прымус;
Нас клікалі тутэйшымі —
Так зваўся беларус.
Зямлі былі мы вернымі,
Наш скарб — саха і серп,
Мы Мінскае губерні,
А бульба — вось наш герб.
Цапамі ночы грукалі
Па каласах з гірсой
I на кійках з зарубкамі
Вялі рахунак свой.
Гібелі днямі золкімі,
Адзін кажух на трох,
Лячыліся мы зёлкамі,
I прыбіраў нас бог.
Сягоння ж дні святлейшыя.
Не тая Беларусь!..
Мне кажуць —
Пра даўнейшае
Спяваеш ты, Пятрусь.
Я горды перамогамі
Любімае зямлі,
Але не знаюць многія,
Адкуль жа мы раслі.
Пяю пра сёння з любасцю,
Бо сэрца расцвіло,
Але хіба забудзецца
Цяжкое, што было.
Галеча. Цемра. З бедамі
Праходзілі ў нас дні,
I я хачу, каб ведалі,
Як мы жылі, сыны.
Душой каб зналі чулаю
Пра пэўнае адно —
Чым далей ад мінулага,
Тым памятней яно.
I на шляхах да слаўнага
Я клічу маладых:
— Гады пазнайце даўнія,
Падумайце пра іх!