Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Пасланне ў Кіеў

Яшчэ не ацэнена

Максіму Рыльскаму

Мой човен па Дпяпры плыве,
Сінее даль перад вачыма,
I думку, у сэрцы што жыве,
У Кіеў шлю я, да Максіма.

Зварот крыху завольны мой,
Ды ў ім ніякае абразы,
Каго мы любім ўсёй душой —
Завём і Янкам і Тарасам.

Няхай даруе мне Максім,
Ды я пішу ад сэрца, ўзнёсла.
Ён ціхі, добры друг усім —
Малым, і юным, і дарослым.

Лягчэй з ягонай песняй жыць,
Завуць яго адданым сынам,
Ён на Ўкраіне мусіў быць,
I ёсць Максім на Украіне.

Ён ходзіць з песняй паміж хат,
А ўбачыць ты яго наважыш,
Спытайся у Дняпра, ў Карпат —
Яны гукнуць яго адразу.

Хай ён блукае між дуброў,
А мо працуе дзе рупліва, —
Дзе б ён ні быў, у круг сяброў
Прымчыць, як голуб варкатлівы.

Сваю ён гутарку пачне,
Ў бяседу ўходзячы памалу,
Ён знойдзе слова ў гамане,
Якога ўсім нам не хапала.

I мы пачуем гул Масквы,
Напеў сасновы Беларусі
I край цалінны, стэпавы,
Як быццам ён адтуль вярнуўся.

Чалом табе, Максім, чалом!
Дарма цябе я скрозь шукаю.
Цяпер зіма. Ты за сталом
Старонкі даўнія гартаеш...

Ўстаюць прыгонныя часы,
Спяваюць аб нядолі жнеі...
Твае сівыя валасы,
Здаецца мне, яшчэ бялеюць.

Ты на душы адчуў мароз,
Па сэрцу слёзы жней ліліся...
Ды бачыў ты народу лёс,
Ірваўся сокалам у высі.

Ты горды тым, што ў барацьбе
Умеў адпомсціць ён за раны,
I я так рады за цябе,
I слаўлю мужнага Багдана.

Бо нашы сэрцы праз вякі
У братняй еднасці заўсёды.
Былі Багданавы палкі
I ў нас. Ён з нашым быў народам.

Да волі клаў Багдан масты,
Зарніцу ўбачыўшы на ўсходзе,
Каб тры сардэчныя браты
Жылі заўсёды ў добрай згодзе.

Мінулі дні. Прайшлі гады...
Нас не зламаў ніякі вораг,
I мы цяпер і назаўжды,
Як сталь, з’яднаныя «Аўрорай».

I ў нас бязмежны далягляд.
Які прастор! Як сонца свеціць!
Плячо ў плячо, да брата — брат,
У бездань знікла ліхалецце.

Цяжкі ўспамінак — старына...
Ды ў новы дзень ты заўжды крочыш.
Ты падыходзіш да акна,
I загараюцца зноў вочы.

Інакшы дзень перад табой,
Усё хвалюе ў ім паэта —
Малыя шумнай грамадой
Са снегу зладзілі ракету.

Гарэзны візгат, гоман, смех.
Шчаслівы час, якая доля!
I кружыць снег, і кружыць снег,
Такі бялюткі як ніколі.

Сняжынкі — за адной адна —
Перад тваім паглядам таюць...
I ўжо не снег ідзе. Вясна
З прыполу кветкі растрасае.

Зязюля села на вярбе,
Зашчоўкаў у кустах салоўка,
I ты — я ведаю цябе —
Ізноў збіраешся ў вандроўку.

Прыкінуўшы маршрут не раз, —
А сцежак у цябе без ліку —
Бярэш ты вуды і ў запас
Кладзеш кацельчык невялікі.

Каб пры удачы, як зара
Асядзе недзе за барамі,
Наўкруг маленькага кастра
Пагаманіць як след з сябрамі.

З табой сустрэцца кожны рад,
Паразважаць пры ясных зорах,
Сяброў цябе чакае шмат,
I мы чакаем на азёрах.

Ты знаеш — іх нямала ў нас,
А ў іх — табе даўно вядома —
Пятляе плотка, ходзіць язь,
Шчупак стаіўся нерухома.

Дык выбірай куток любы:
Браслаўе, Лукамля ці Нарач;
Стаяць над Свіцяззю дубы
I пра цябе таксама мараць.

Іх верхавінне — цэлы дом,
Чуцён далёка іхні голас... .
Міцкевіч быў пад іх шатром,
Твае сябры — Купала, Колас...

Ты ў нас і гаспадар і госць,
Цябе, як брата, здаўна знаем,
Дык прыязджай, гамонка ёсць,
А ў дружбакоў — няма ёй краю!