Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Пастух

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

На ўсю акружку дзед Панас
З даўнога быў вядом,
I ганарыўся ім калгас
Як лепшым пастухом.

З вясны да восені глухой
Ён знаў адзіны шлях —
Вадзіў вялізны статак свой
Па пушчах і лугах.

Хадзіў гаямі, між сасён,
Пад шум духмяных траў,
На берасцянцы часта ён
Хвалу жыццю спяваў.

Ды вось пракляты ліхадзей
Напаў на родны дом, —
Прарэзаў ясны летні дзень
Вайны знішчальны гром.

На вёску родную крумкач
Накінуўся з хмурын...
I першы крык, і першы плач
Пранёсся ад хацін.

Навокал чырванела кроў,
Запалымнеў калгас.
Сваіх падпаскаў, двух хлапцоў,
Пазваў тады Папас.

— Дабро даверыў нам народ,
А злыдзень мкне забраць.
Ганіце статак вы на ўсход,
Каб ворагу не даць!

Бывайце ж вы, мае сябры! —
I вось ад тых часін,
Як развіталіся яны,
Застаўся дзед адзін.

З тае пары сярод бароў,
Паміж ялін густых
Хаваў ён некалькі кароў
Калгаснікаў сваіх.

I сосны чулі ад яго,
Як скардзіўся не раз:
— Ой, да чаго, ой, да чаго
Дажыў стары Панас!

На сэрцы гора і журба,
Перад вачамі жах.
А берасцяная труба
Галосіць па лясах.

I нездарма журыўся дзед:
Быў час яго цяжкі —
Прыйшлі, натрапіўшы на след,
I ў лес рабаўнікі.

Як сталі статак забіраць,
Ускрыкнуў ён: «Звяры!»
Пачалі гады катаваць,
Пакуль не змоўк стары.

Калі ж у мораку начным
Ачнуўся позна ён,
Труба валялася пры ім —
Прыяцелька здавён.

Яе рукамі ён схапіў
I ў гушчу чорных хмар
Зазыўна, мужна затрубіў
На ўвесь лясны абшар:

— Не будзеш ты, зямля мая,
Пад ботам сатаны!
Сюды, адважная сям'я,
Сюды, мае сыны!

Я павяду вас, — мне на страх
Фашыста ў твар сустрэць, —
Па ўсіх пуцінах і шляхах
Мы панясём ім смерць!