Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Перад вясной

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Чэзне вораг, нікне густа...
Добрыя навіны!
Прычакаў Іван Капуста
Радаснай часіны.

Тры сыны яго, салдаты,
Нішчаць набрыдзь злую —
Б'юць за Одэрам гарматы,
Бацька хлопцаў чуе.

Хай жа знаюць, што старому
Шлях праклалі ясны, —
Гоніць з Прусаў ён дадому
Статак свой калгасны.

Ці ідзе ён праз сасоннік,
Ці ідзе палянкай, —
Усё гамоніць і гамоніць
Трубка-берасцянка.

Ці вятры прамчацца з шумам,
Ці снягі цярусяць, —
Адлятаюць яго думы
Аж да Беларусі.

I ўстаюць перад вачамі,
Як жывыя быццам,
Рэкі, пожні з паплавамі,
Чыстыя крыніцы.

I Капусту бор сасновы
Гулка зазывае...
Перад ім ідуць каровы,
Голасна рыкаюць.

Знае ён і тым шчаслівы, —
Край залечыць раны;
Паязды вязуць імкліва
Скарб адваяваны.

Бачыць ён — людзей багата
Па шляхах вандруе...
Сустракаюцца салдаты,
Ветліва жартуюць:

— Многа Гітлер нахапаўся
I кароў і коней...
Ты варочайся, не баўся,
Адаб'ём, пагоніш!

— Добра, — кажа ён, — нічога,
Хоць і стараваты,
Недалёкая дарога,
Што вядзе дахаты.

Стрэну сёння да змяркання
Родную старонку. —
Ён байцам на развітанне
Паіграе звонка

Ды ідзе сабе па свеце,
Ціха разважае:
Недзе ўнукі, недзе дзеці
Малака чакаюць.

Па шляхах ляжыць адлега,
I здаецца быццам,
Што трава пад пульхным снегам
Стала варушыцца.

Чуе ён — з вясной прыгожай,
Залатымі днямі,
З гэтым статкам пад Бярозай
Пойдзе мурагамі.