Ільдзіны зрушыла вясна,
Ручайкамі цячэ —
Плячо ў плячо ляжыць сасна
На Прыпяці-рацэ.
Далёкі гэтым соснам шлях
З паводкаю прайсці...
Стаяць з баграмі у руках
Вясёлыя хлапцы.
Па рэках поўных, веснавых
Ім дні і ночы плыць,
Але чаго малодшы з іх
На бераг так глядзіць?
Відаць, таму, ўдалечыні
Заўважыў ён адзін —
Дзяўчыну
Ў хустцы, што ў агні,
Паміж густых галін.
I ўсхваляваны плытагон
Глядзіць на шумны гай.
Плыты адходзяць.
Шэпча ён:
— Чакай мяне, бывай!
З плытамі рушылі сябры,
А з імі,
З двух бакоў,
Плылі хаціны, і бары,
I нівы між гаёў.
Каб глянуў ўночы хто здалёк,
Здзівіла б ціш,
Спакой...
Здавалася, што аганёк
Плыве адзін ракой.
Як бы ў туманы загарнуў
Прасторы ціхі сон.
Здаецца так,
Не знае ж сну
Дасціпны плытагон.
Стаіць на варце
Пры багры,
Клапот дарогай шмат —
То завароты, то віры,
То раптам бурны спад.
Бывае, ўсходзіцца рака
I загрыміць, як гром, —
Пастануць сосны старчмака,
Гудуць, што ў буралом.
Хлапцам хапае страхаты,
Ды вынікі адны, —
Звязаўшы буйныя плыты,
Далей плывуць яны.
I зноўку тлее курадым
Над ціхаю вадой,
I зноўку ўспомніць малады
Дзяўчыну паміж хвой.
Ды хутка стрэча.
Стэп відзён,
Патрэбен ён і там —
Прывёз дарунак плытагон
Дняпроўскім берагам.
I вось пад гоманы гудкоў
Ім давялося стаць,
Як бы здалёку хто прывёў
Магутнейшую раць.
Загаманіў фабрычны двор
З ялінай і сасной,
Здалося, поўніўся прастор
Пахучаю смалой.
Нібы лясы паміж стэпоў
Шумелі да нябёс...
А плытагон?
А ён дамоў
Гасцінец любай вёз!