Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Прыгожая вуліца

Яшчэ не ацэнена

Мясціна такая ніяк не забудзецца,
Пазнаеш, —
Здаецца, навекі твая.
Ёсць ціхая ў Мінску Прыгожая вуліца,
Забыцца якое не здолею я.

Стаялі там хаты малыя, маркотныя,
Зялёнымі хусткамі
Хутаў іх мох.
Чаму яе звалі назвай пяшчотнаю,
Ніяк зразумець я ў юнацтве не мог.

Небрукаваная і непралазная,
Дзе цемра, бывала,
Да ранку стаіць...
А смутак па ёй адчуваю выразна я,
I сэрца нявызнаным болем шчыміць.

Вясною садамі цвіценне мятлюжнае,
Дзяўчаты ў сукенках
Бялюткіх як снег.
Жылі мы сям'ёю студэнцкаю, дружнаю,
Не чэзнуў ніколі на вуліцах смех.

Спатканні былі ў нас, што часу не бачылі,
Прыходзілі
Часта дамоў па расе.
Кляліся ў каханні мы слоўмі гарачымі,
Хоць слова стрымалі далёка не ўсе.

А час той, куды ён, навошта спяшаецца?
Гады прамільгнулі,
Як хвіля адна.
Усё, як той кажа, ідзе і змяняецца,
I сёння я вуліцы той не пазнаў.

I, можа, таму, што старыя, сівыя мы,
Што зніклі
Навокал малыя дамы,
Здаецца, што моладзь
Яшчэ больш імклівая
Ідзе па Прыгожай, як некалі мы.

Уласныя сцежкі ім выпадуць кожнаму,
I кожны ў жыцці з іх
Пакіне свой след.
Паедуць студэнты дарогамі рознымі,
Што з гэтае вуліцы выйдуць у свет.