Скажу вам быль, не плётку,
Пра жоха аднаго,
Дзяўчаты і малодкі,
Пабойцеся яго.
Хлапец ён адмысловы,
Адзеты — проста шык,
Раённай установы
Адказны кладаўшчык.
Ён ростам невялічкі,
А ў заляцаннях звер,
Таварыш Чаравічка —
Раённы кавалер.
Нічога сабе ў целе,
Пры вусіках малых,
З брызентавым партфелем
Вандруе па чайных.
Ён шклянак пяць укіне,
Нямала можа піць,
А вечарам з дзяўчынай
Чарговаю сядзіць.
Абмыўшыся слязою,
Гудзе ў адну дуду:
— Другое я такое
На свеце не знайду!
Прыгледзіцца нябога,
Ну чым ён не жаніх,
Бо ёсць дурненькіх многа,
Нямала і дурных.
Рашаюць справу шпарка.
Яму ж чаго жадаць, —
Каб чарачка, каб скварка,
Каб месца, дзе паспаць.
Клянецца, як прытуліць,
Што да канца жыцця...
Але мінаюць гулі,
З’яўляецца дзіця.
I тата хмурыць вочы,
Гібее ад нуды,
Знікае ён аднойчы
Няведама куды.
Другія цягнуць далі,
Прывабныя часы...
А бедная Наталля
Ірве аж валасы,
Слязамі залілася,
Жаніх любімы знік!..
А ён ужо да Касі,
Засмучаны, прынік.
Абмыўшыся слязою,
Гудзе ў адну дуду:
— Другое я такое
На свеце не знайду!
I Кася разважае,
Ну чым ён не жаніх...
Дурненькіх шмат бывае,
Нямала і дурных.
Згаджаецца, бо песціць...
А ён ніжэй травы,
Каб выпіць, каб заесці,
Каб ложак пухавы.
I гулі і забавы,
А час бяжыць, бяжыць...
I вось дзіця заяву
Дае, што хоча жыць.
Маленькім, невялічкім
Крыкунчыкам ідзе...
А тата Чаравічка
Хмурнее кожны дзень.
I ўжо шукае выйсця
Шукальнік пекнаты,
Нацэліўся кудысьці
І даў ён лататы.
А там, глядзіш, і трэцяй
Гудзе ў адну дуду:
— Другое я на свеце
Такое не знайду.
I хіліцца Агатка,
Бо сэрцайка шчыміць...
Ах, колькі вам, дзяўчаткі,
Ён здолеў наманіць.
Яго мы знаем звычкі,
Дзе ж хлусіць ён цяпер,
Таварыш Чаравічка —
Раённы кавалер?