Пад блакітным дахам неба, ў цэнтры, ў горадзе маім
Два дамы стаяць на плошчы, не падобныя зусім.
Велічны, паверхаў дзесяць, паглядае сотняй воч,
I маленечкі, драўляны, з дахам чорным, быццам корч.
Бровы цвілыя нахмурыў, лік вядзе былым гадам...
З кожным воблакам высокі размаўляе сам-насам.
Да вялізнага прысталі ўсе антэны, правады,
I старэнькаму здаецца — ганарысты малады.
I пачуў я там аднойчы, рана ўстаўшы, на зары,
Як будынку маладому штосьці шэпча дом стары:
— Ты на нашай даўняй плошчы сёння найпрыгожшы, брат,
Ты вялікі, і, законна, за цябе я вельмі рад.
Ты ўзляцеў амаль да сонца, адусюль цябе відно,
У цябе, глядзі, спявае сёння кожнае акно.
У цябе народу столькі, як на вуліцы якой,
Кожны, хто ні прыязджае, захапляецца табой.
Што ж, да лепшага заўсёды наш імкнуўся чалавек,
Ну, а я стаю ціхутка, дажываючы свой век.
Толькі ты не задавайся і прыслухайся калі:
Тыя, што цябе складалі, некалі ў мяне жылі,
Узнімаліся з гадамі і мужнелі ў барацьбе,
I, на мой прыйшоўшы ганак, не нацешацца з цябе.