Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Размова з пакоем

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ляжыць мой шлях у родны край
Прасторам акіянскім,
I я кажу табе: бывай,
Пакой амерыканскі.

З табою я пасябраваў.
Паводдалі ад гулу
Усё, што мог, ты мне даваў:
Святло, цяпло і ўтулак,

I крэсла —
адпачыць нагам,
Стол для бясед сяброўскіх,
I «хол» і «гор», як трапна нам
Паведаў Маякоўскі.

Ты мог ад тлуму атуляць,
Каб я спакойна думаў,
Адно, чаго не здолеў даць, —
Мяне пазбавіць суму.

Было —
агорне суму дым,
На сэрцы так заснежыць,
Ды знаю, ад цябе зусім
Такое не залежыць.

Бо я твой выпадковы госць.
Ёсць дом другі на свеце,
А ў доме тым пакойчык ёсць.
Маё жыве там сэрца.

I хоць не мог ты разагнаць
Маю тугу цяжкую,
Цябе я буду ўспамінаць,
Ні кроплі не крыўдую.

Наадварот, мая рука
Развітваецца чула.
Я ўдзячны, што да алаўка
Яе не раз цягнула.

Дык дзякуй, што прытулак даў,
I тым, што збудавалі.
Але не тым, хто грошы клаў,
А тым, што цэглу клалі.